Цікавы кот у мяшку ад музею белкіно. 6 фільмаў замест аднаго.
Перадгісторыя: падчас "Лістападу" ў мяне не атрымалася паглядзець "ГараШ", бо я не змог прадказаць нерэальнага ажыатажу (што было нечакана) вакол бе ларускага фільма. Але я верыў -- "павінны яго яшчэ недзе паказаць". Ну, нездарма ж народ пайшоў.

Быліна: на гэты раз я меў рацыю. Фільм Курэйчыка такі абяцалі паказаць. У музеі гісторыі беларускага кіно. Ціхі, паслякалядны, бясснежны, бесклапотны вечар. Не паспеў я прайсці праз плошчу Незалежнасці і ўвайсці ў будынак музею, як убачыў аб'яву: "Усе паказы фільма ГараШ перанесеныя" Ладна, непрафесійна, падумаў я, але не стаў сумаваць, бо не ўпэўнены ў мастацкай каштоўнасці ГараШу. Потым як-небудзь гляну. Rutracker, чакай мяне.

Мяне не смуціла невялікая зала з крэсламі на адным узроўні -- я ўбачыў немаленькі экран (думаў, будзе менш). Калі большая частка залы напоўнілася людзьмі, святло выключылі.
Непасродна аб фільмах:
(я не буду расказываць аб сюжэце, толькі дам сваё меркаванне. Сюжэт чытайце па спасылках)

Першы фільм -- "Шлях у Дамаск". Тут скажу проста. З-за жудаснага гуку і зацягнутасці гэты фільм можна назваць лепшай калыханкай. Ёсць некаторыя прыгожая планы прыроды і не толькі, але цалкам сюжэт я зразумець не змог. Фільм ішоў 25 хвілін і за гэты час можна нядрэнна выспацца. Я нават сказаў суседу, які відавочна пачынаў засынаць -- "Спі, спі, я цябе разбуджу".

Другі фільм -- "Сапраўдная амерыканка". Даволі цікавая рэч. Вельмі відавочнымі робяцца культурныя і ментальныя адрозненні паміж амерыканцамі і дзяўчынай па абмене з Савецкага Саюзу. Знята крута, з акторамі па мне дык усё окей. Добрая караткаметражка, і зусім не зацягнутая.

Трэці "фільм" -- "Пасха хрыстова". Не бачу тут амаль нічога цікавага. Толькі сачыць за рэакцыяй людзей на прамову святара было даволі займальна. Дарэчы, на гэтым фільме таксама паспаць можна. Больш за тое, некаторыя прыёмы тут не патрэбныя. Вось навошта было гэты фільм рабіць чорна-белым? Няўжо было лянотна рабіць колеракарэкцыю? Тут чорна-беласць ніякага сэнсу не мае, у адрозненне ад, напрыклад, "Псіхоза" Хічкока (высока ўзяў, праўда?).

Чацвёрты фільм -- "Адной крыві". Вось гэта я разумею. Вельмі добры прыклад айчыннага кінематографу. І ідэя цікавая (хоць і трохі банальная), і выглядае крута, і адкрыта, і шчыра. Гэтае кіно трымае і не адпускае да канца. драматычная частка вельмі крутая. Акторы таксама краюць файна. А эфекты не лезуць у вочы і выглядаюць арганічна.

Пяты фільм -- "Беларусь якая". Ух, крута. Небанальна. Цікава. Сімвалічна. Момантамі весела. І ў той жа час сумна ад рэальнасці. Вельмі рэкамендую як-небудзь паглядзець гэты шэдэўр. Аператарскай работай я таксама ўсцешаны, але часам незразумела, чаму хлопчык хадзіў неяк дзіўна. Магчыма, вінаваты стэдыкэм. Плечавы ўпор вырашыў бы праблему, дадаўшы, акрамя таго, рэалістычнасці. Дарэчы, персанажы зроблены вельмі крута і рэальна. Толькі доўгія планы здымак ззаду часам раздражнялі. А ў цэлым, фільм вельмі файны. І жывы.
Шосты фільм -- "Обнцбнча". Згадзіцеся, выдатная назва. І сам мульт вельмі круты. Я не з эпохі перабудовы, але некаторыя рэчы выклікалі рэальна сур'ёзную настальгію. І не, я не пра клей. Дарэчы, наконт гэтага. Увесь мульт падобны на адзін дзесяціхвілінны настальгічны трып. Асабліва калі глядзець на вялікім экране.
Працяг быліны: калі Обнцбнча скончыўся (скончылася?), экран паказаў нам Media Player Classic -- Home Cinema і намякнуў, што ўсё -- паказ скончыўся. Але, відавочна, на нас тут забыліся. Вось яшчэ пяць хвілін мы прасядзелі ў цемры, і толькі пасля гэтага нас выпусцілі. Наконт тэхнікі -- часам ва ўсіх фільмах знікаў гук, часам глючыла візуальная частка. Мне гэта здаецца дзіўным, бо Музей белкіно павінен быць храмам айчыннага кінамастацтва. Але пакуль я не магу сказаць, што ён не здольны несці гэтую ролю на ўсе 100 адсоткаў. Наконт экспазіцыі музею нічога не магу сказаць -- мала бачыў. Але не шкадую, што прыйшоў сюды, бо большасць паказаных беларускіх фільмаў былі класнымі. А ў перапынках паміж добрымі фільмамі нам далі выдатную магчымасць паспаць. Калі б яшчэ там ставілі будзільнік...
Аб чым даведаўся -- цяпер у Беларусі шмат перспектыўных кінематаграфістаў, і гэта сапраўды выдатна. Новае пакаленне ўжо гатовае ствараць, таму ў нашага незалежнага кіно ёсць будучыня.