Агляд, ад якога нельга адмовіцца
In Belarusan (па-беларуску)
Фрэнсіс Копала -- трылогія "Хросны Бацька (The Godfather)" (1970я-1990-я)
Першае, што я заўважыў пры пачатку прагляду -- якасьць і добрая аператарская праца. Асьвятленьне драматычнае і цікавае, таксама як і ракурсы. Шчыра -- кожны фільм трылогіі стваральнікі сьмела могуць разьбіраць на кадры і публікаваць на 500px.com -- рэйтынгі будуць на вышыні. Усе тры фільмы зробленыя прыгожа. Рух камеры таксама заўсёды апраўданы. Шмат дзе яе пасталёўка мае і сімвалічнае значэньне. Напрыклад, сцэну са споведдзю мы бачым з-за кустоў, нібыта падзіраючы за персанажамі. А некаторыя прыёмы перайшлі сюды з фільмаў-нуар.
Але канечне, галоўнае, што робіць гэтыя фільмы такімі, якія яны ёсьць, зь'яўляюцца іх сюжэт і дух. Па сюжэт мы ўжо зьвяртаемся да літаратара Марыа П'юза -- ня будзем забывацца, што аўтар арыгіналу далей пісаў сцэнар разам з Копалай. Тут усё не адназначна. Шмат хто з крытыкаў кажа, што ён у першых двух (зьнятых у 70-я) частак выдатны, у адрозьненьне ад трэцяй. Я не магу цалкам пагадзіцца. Проста сюжэт падаецца па рознаму. Калі ў першых двух частках ён хутчэй зь'яўляецца плаўнай эвалюцыяй, паказваючы пераўтварэнне чалавека, то ў трэцяй сюжэт больш імкнецца рыўкамі і здагадацца, чым фільм скончыцца, цяжка. Ну і трэба памятаць аб тым, што пераміжак паміж здымкамі другой і трэцяй часткі -- амаль 20 гадоў. Першыя два фільмы я палюбіў з-за атмасьферы і поўнага пагружэньня (чаго менш у трэцяй частцы), а сюжэт больш цікавым мне падаецца ў фінальным фільме. Канечне, драматычных момантаў, нечаканых паваротаў і добрай структуры хапае і ў першай, і ў другой частцы, але апошнія некалькі хвілін трэцяй часткі настолькі драматычнанасычаныя, што дадуць вам такія эмоцыі, якія рэдка можна адчуць пры праглядзе фільмаў.
Тут кожная дробязь, кожная маленькая дэталь стварае непаўторную і выдатна перададзеную атмасьферу таго часу. Але тут яна свая, каларытная. Ня проста з-за мафіі, а яшчэ і з-за італьянскасьці. Нават Нью-Ёрк тут зусім іншы, не падобны на той горад, які мы бачым у іншых фільмах, гэта асабліва бачна ў пасьляваенны перыяд.
Узгадайце, колькі фраз разобрана з гэтых фільмаў. Адсылкі на трылогію можна знайсьці ў музыцы, іншых кінапраектах, кампутарных гульнях ды нават у рэальным жыцьці. Можа быць, камусьці ў гэты момант робяць "an offer he can't refuse"? Персанажам хочацца верыць, бо яны добра зробленыя ня толькі па сцэнары, але і акторы выканалі свае ролі выдатна. Падчас прагляду я не знайшоў ніводнага шэрага і нецікавага персанажа. Кожны тут зь'яўляецца паўнавартаснай асобай, нават калі гэта проста чалавек з вуліцы. Таксама трэба адзначыць, што шмат актораў праз два дзесяцігоддзі працягнулі граць ролі сваіх пасталелых і пастарэлых персанажаў. За гэта ім можна выказаць толькі павагу, як і можна сьмела выказаць яе вялікаму Копале, які так майстарскі экранізаваў знакамітую работу Марыа П'юза.
Сьвет, намаляваны нам у трох фільмах аб няпростым лёсе мафіёзнай сям'і, падаецца рэальным і зацягне вас на некалькі незабывальных гадзін, аб якіх вы дакладна не пашкадуеце.
Таксама чытайце: Ці трэба вам глядзець "Здымаць на паражэньне"?;
Самы кароткі агляд на "Мы, браты" і шмат іншых аглядаў.