25.03.1918. Жыве?

Выява з праекту "Будзьма беларусамі!"
   Сёння споўнілася 98 гадоў абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі, і шкада, калі гістарычнае свята (сапраўды важная дата для беларусаў) пераўтвараецца ў палітычны працэс, пры якім народныя шэсці і мітынгі палітыкі так ці інакш выкарыстоўваюць дзеля сваіх мэтаў. Гэты дзень не павінен дзяліць беларускую супольнасць, ён павінен яе аб'ядноўваць. Дзякуючы палітыкам у значнай часткі народу з'явілася меркаванне аб тым, што 25-ае сакавіка -- апазіцыйнае свята, хоць у ім няма НІЧОГА апазіцыйнага -- хіба можа быць апазіцыйным да ўлады незалежнай дзяржавы святкаванне першага абвяшчэння незалежнасці гэтым жа народам? 
   Сама дзяржава маглі б выкарыстоўваць Дзень Волі на сваю карысць, так жа, як гэта робіць сёння апазіцыя. Але не -- у дзяржаўных СМІ нават няма ўзгадкі аб гэтай значнай даце. І праўда, навошта народу ведаць сваю гісторыю?
   Наадварот, робіцца ўсё, каб Дзень Волі захоўваў статус "непрызнанага апазіцыйнага свята". Вось, напрыклад, колькі разоў на 25-ае планаваліся крутыя канцэрты? Ды ледзь не кожны раз. Але ўсе гэтыя планы зрываліся па розных прычынах. А шкада, бо такія мерапрыемствы маглі б дапамагчы:
  • лепей адсвяткаваць Дзень Волі і атрымаць больш пазітыўных эмоцыяў;
  • разрэкламаваць свята для большай колькасці людзей;
  • знішчыць палітычнае адценне свята.
   Спадзяюся, ў наступным годзе ў арганізатараў атрымаецца рэалізаваць нешта больш цікавае за традыцыйнае шэсце (хоць у гэтым годзе яно было лепей чым у мінулым, трэба прызнаць). Тут яшчэ трэба адзначыць, што святкаваць можна і не ў натоўпе людзей, а з сябрамі ці з сям'ёй -- і гэта будзе не горш, асабліва калі, напрыклад, усёй сям'ёй праспяваць якія-небудзь файныя беларускія песні.
   Няхай жыве (і квітнее) вольная Беларусь! Са святам!

Popular Posts